Описание
Вітаю Вас, шаноўныя сябры!
За савецкім часам і кароткім перыядам постсавецкага Адраджэння шмат якія мастацкія (і не толькі) творы перакладаліся на беларускую мову. Частку гэтых кніг і зараз можна адшукаць у дзяржаўных і асабістых бібліятэках, а таксама ў букіністычных крамах ды барахолках. Некаторыя кнігі ўжо пераведзеныя аматарамі ў электронны фармат і даступныя ў сеціве. Варта адзначыць, што й на прафесійным узроўні пачынаецца развіццё перакладной літаратуры. Там-сям друкуюцца ці публікуюцца ў электроннай форме перакладзеныя асабныя часткі твораў, а часам і цэлыя творы замежных аўтараў, перакладаюцца і агучваюцца кінастужкі. Але, калі казаць па праўдзе, гэта кропля ў моры.
Аднойчы мне падумалася, колькі часу сыйдзе на пераклад на беларускую улюбёнай кнігі старонак на 300? Год? Два? А што калі за гэта возьмуцца 300 чалавек? Калі кожны з іх перакладзе па адной старонцы за дзень, то на наступны дзень мы будзем мець беларускамоўную кнігу! Дзіва? Не. Звычайная калектыўная праца.
Адтуль і нарадзілася ідэя стварэння “Таварыства аматараў перакладной беларускамоўнай літаратуры “Беларуская старонка”. Таварыства калектыўных перакладаў на беларускую мову.
А каб справа ішла хутчэй, то прапаноўваю перакладаць з рускай мовы. Хтосьці скажа, што аматарскія пераклады на беларускую мову твораў замежнай літаратуры павінны быць з мовы арыгіналу. Але ці шмат у нас знаўцаў замежных моваў? Да таго ж руская й беларуская мова з’яўляюцца падобнымі і, "дзякуючы" савецкім “рэфарматарам”, даволі роднаснымі. Таму , калі замежная літаратура перакладаецца з добрай рускай мовы на беларускую, то пераклад будзе даволі блізкі да арыгіналу. Ёсць рускамоўныя пераклады, якія самі па сабе сталі класічнымі, і паколькі гэтыя пераклады маюць высокую якасць, то й беларускамоўныя версіі змогуць перадаць увесь змест і смак арыгіналу.
Ці трэба казаць, што ў двухмоўнай Беларусі прасцей знайсці перакадчыкаў з рускай на беларускую, чымся з іншай замежнай мовы. А значыцца, можна далучыць больш людзей да супольнай працы, якая павялічыць аб’ём беларускамоўнай літаратуры.
Раней ці пазней Беларусь вернецца на шлях беларусізацыі. А да гэтага часу ў нас ёсць магчымасць зрабіць вялізную працу, якая вельмі дапаможа нам і зараз, і ў будучыні.
Сутнасць дзейнасці “Таварыства аматараў перакладной беларускамоўнай літаратуры “Беларуская старонка” павінна зводзіцца да наступных асноўных кірункаў:
1. Калектыўныя пераклады на беларускую мову:
а) тэхнічны пераклад
б) карэктыроўка і рэдактура
в) вычытка.
2. перавод у электронную форму папяровых беларускамоўных перакладных твораў.
а) пошук твораў
б) сканіраванне і распазнаванне
в) вычытка.
3. Пошук і збор у адным месцы апублікаваных беларускамоўных твораў.
Праект “Беларуская старонка” непалітычны і некамерцыйны. У праекта няма спонсараў і аніякіх фінансавых выгодаў атрымліваць не збіраемся. Усё робіцца выключна за “ідэю” для распаўсюду беларускай мовы ў беларускім грамадстве.
Пляцоўка для супольных перакладаў: http://translatedby.com/ Простая рэгістрацыя і простая праца. Больш папулярны Notabenoid увёў пэўныя абмежаванні для сваёй дзейнасці.
Інфа для праваўладальнікаў. Калі вы выступаеце супраць публікацыі вашых твораў на беларускай мове у вольным доступе, паведамце, і ён будзе прыбраны. Аўтары перакладаў на рускую мову забытымі таксама не застануцца і займуць ганаровае месца ў анатацыях да публікуемых кніг.